Навумчык: «Маскве ў Беларусі патрэбныя ня проста лаяльныя Расеі людзі, а менавіта — рускія людзі»

Аналітык — пра тое, як рэдым робіць з беларусаў «русских со знаком качества».

— Доўга ня мог сфармуляваць ляканічную і адначасна максымальна зьмястоўную характарыстыку таго, што робіць прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі з беларускай нацыяй пасьля 2020-га, — піша Сяргей Навумчык. — Падаецца, найбольш дакладным будзе — зьнішчэньне ўсяго, што хоць у мінімальнай ступені адрозьнівае беларусаў ад рускіх.

Сяргей Навумчык

Уласна, адбываецца гэта з 1994 году, але пасьля 2020-га працэс набыў татальны і агрэсіўны характар.

У камуністычныя часы Масква рабіла з беларуса «савецкага чалавека», але ўсё ж дазваляла разьвіцьцё нацыянальнай літаратуры, тэатра, выяўленчага мастацтва (зразумела, у вызначаных ідэалягічных межах). І нават хвалілася гэтым перад Захадам, гаворачы пра «росквіт у СССР нацыянальных культур».

Сёньня ж Маскве напляваць на тое, як яе будуць успрымаць у сьвеце — які ўжо там міжнародны імідж пасьля Бучы.

Маскве ў Беларусі патрэбныя ня проста лаяльныя Расеі людзі, а менавіта — рускія людзі. Як яшчэ раней казаў Лукашэнка — «русские со знаком качества». Гэта значыць — гатовыя маўкліва і пакорліва падтрымаць «генэральную лінію» і аднагалосна прагаласаваць за правадыра.

І, пры патрэбе, за ўваход у склад РФ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(54)